(no subject) |
[Feb. 24th, 2015|01:39 pm]
martinovich
|
Нейкі час таму было адчуванне, што ў нас з Расіяй - як быццам бы адна літаратура, мы ўзаемадапаўняем нейкі агульны постсавецкі праект. Блізкімі былі тэмы, аўтары, сюжэты, мы разумелі пра што пішуць яны (пры тым, што яны зусім не цікавіліся, пра што ж пішам мы). І вось апошнім часам гэтае пачуццё знікла: я зараз кажу нават пра палітыку, не пра імперскае вар'яцтва Прылепіна, Шаргунова, Грышкаўца ды інш - усё гэта згадваецца ў тэксце па спасылцы. Тут я маю на ўвазе тое, як па-рознаму мы і яны пачалі ставіцца да навакольнага космасу. Да "духоўнасці", да дзяржавы, да Пуціна, да Расіі (для нас яна ўжо зусім не тое, што для іх), да Вялікай Айчыннай вайны, да месца чалавека ў сістэме. Гэта іншыя сусветы - у нас і ў іх. Так, можна працягваць пісаць тэксцікі па-расейску і публікавацца ў Маскве, можна нават атрымаць якую прэмію за прапаганду і распаўсюд арэолу ўжывання "русского языка". Але тваё места ў такой сістэме - жалезна вызначанае. Ты - "література малых народов Россіі". І ўсё. Ты ніколі не будзеш першым. Ты ніколі не будзеш прарокам, толькі - праектам выдавецтва, які ў любым выпадку забудзецца праз некалькі гадоў, як скончацца продажы. З іншага боку, вы бачыце, што адбываецца зараз вакол беларускай літаратуры. Свята роднай мовы ў нядзелю пакінула адчуванне нерэальнасці таго, што бачыш - нейкі іншы Мінск, іншая краіна. Літаратары, якія сабраліся там, адчувалі сабе (нарэшце!) запатрабаванымі, важнымі, "больш, чым паэтамі". Кожнае нашае слова, сказанае па-беларуску - застанецца. У нас, нарэшце, з'яўляецца аўдыторыя, якая (дзякуючы якраз-такі рэпартажам Прылепіна пра Матаролу і Луганск у "Камсамолцы") пачынае бачыць нас, нас, а не рускіх - тымі, хто піша праўду пра іх жыццё. Яшчэ раз дзякуй усім, хто прыйшоў на свята. Дзякуй Алесю Квіткевічу і ўсім, хто рыхтаваў літаратурную частку. Мае развагі пра "літаратуру Прылепіна" і паўставанне НАШАЙ аўдыторыі ў тэксце па спасылцы сугучныя таму, што я перажыў у ІМАГУРУ:
http://budzma.by/news/viktar-marcinovich-nye-khachu-byc-adnoy-litaratury-z-prylyepinym.html |
|